Декада "Мы -беларусы"

01.11.2021

 

Менавіта пад такой назвай ва ўстанове адукацыі “Чурлёнскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа” з 18 па 29 кастрычніка прайшла дэкада, прысвечаная Году народнага адзінства. Навучэнцы змаглі пазнаёміцца з лепшымі традыцыямі нацыянальнай культуры, адметнымі якасцямі беларусаў.

Цікава адбыўся флаер-фэст “У любімай мове, роднай, наскай, ах, якія словы…”. Вучні прэзентавалі малюнкі звычайных з’яў і прадметаў, але з нязвыклай беларускай назвай: цытрына, хмарачос, імбрычак і іншыя.

На працягу ўсёй дэкады працавала зона рэлаксу “Узоры беларускай душы”, дзе кожны жадаючы мог размаляваць беларускі арнамент, малюнкі з роднымі краявідамі.

Пазнавальна, цікава былі праведзены інтэлектуальны турнір “Мая Беларусь”, гульнявая праграма “Мы - разам”, пазнавальная гульня “Я люблю Беларусь”, гістарычны турнір “У адзінстве народа  - вялікая сіла”,  класныя гадзіны “Мая любімая Беларусь”, “Гісторыю зямлі маёй цярплівай падручнікам вучнёўскім не ахопіш”, гасцёўня “Хата з матчынай душой”.

З мэтай абуджэння цікавасці да роднай мовы і літаратуры, выхавання пачуцця гонару за родную мову і паважлівых адносін да яе ў рамках дэкады “Мы - беларусы” прайшоў конкурс чытальнікаў вершаў “Гучы, беларускае слова”. Вучнямі было шмат падрыхтавана вершаў беларускіх класікаў пра родную мову, родную старонку, прыроду, малую радзіму. Выступленне чытальнікаў ацэньвала строгае, справядлівае журы. Дыпломамі І ступені ў малодшай катэгорыі ўзнагароджаны Грынкевіч Іван, Гарэлік Мілана, Лапаткіна Дамініка. Першае месца сярод вучняў сярэдняга ўзросту заняў сямікласнік Тараповіч Дзмітрый, які вельмі эмацыянальна, выразна, натхнёна прачытаў верш Якуба Коласа “Ручэй”. Вучаніцы 10 класа Міхнёва Настасся і Ардзяка Аліна таксама атрымалі дыпломы І ступені.  

Скончылася дэкада беларускім народным святам “Багач”, якое паказалі ўдзельнікі заняткаў па інтарэсах “Спадчына” пад кіраўніцтвам Карыбы Таццяны Іванаўны. Вучні пазнаёмілі гледачоў з гісторыяй свята. Сама назва свята адсылае нас да багацця, дастатку і дабрабыту. У гэты дзень было прынята пячы вялікі каравай з зерня новага ўраджаю, а таксама запаўняць усёй вёскай лубок свежанамалочаным жытам. У яго ўстаўлялі свечку і ўрачыста абыходзілі з гэтым «багачом» усю вёску, пасля чаго пакідалі яго на год у аднаго з гаспадароў. Абрад быў скіраваны на захаванне дабрабыту, ураджайнасці, плоднасці жывёлы і сямейнага ладу. Што цікава, Багач не толькі падсумоўваў зробленае, але і настройваў на далейшыя работы: «Багач — бярыся за рагач, ідзі пад авёс араць», «Прыйшоў Багач — кідай рагач, бяры сявеньку, сей памаленьку».

Завяршылася дэкада падвядзеннем вынікаў і ўзнагароджваннем пераможцаў розных конкурсаў, турніраў, віктарын. Праведзеныя мерапрыемствы садзейнічалі выхаванню павагі да роднай мовы, да беларускага народа, яго гістарычнага мінулага, культурнай спадчыны.